СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,
раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.Пірса, Г.Фрэге, Б.Расела, А.Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.
Літ.:
Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ. М., 2000.
В.М.Пешкаў.
т. 14, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)